ГІДРАЛАГІ́ЧНЫЯ ПО́МНІКІ ПРЫРО́ДЫ,

гідралагічныя аб’екты натуральнага або штучнага паходжання, каштоўныя ў экалагічных, навуковых, эстэтычных, гісторыка-культурных адносінах. Да гідралагічных помнікаў прыроды могуць належаць азёры, балоты, вадасховішчы, сажалкі, участкі рэк з поймамі, старых каналаў, крыніцы. На Беларусі (на 1.1.1997) 2 помнікі рэсп. значэння (Палыкавіцкая крыніца ў Магілёўскім і Блакітная крыніца ў Слаўгарадскім р-нах Магілёўскай вобл.) і 41 мясц. значэння, з іх 19 у Мінскай, 14 у Магілёўскай і 8 у Віцебскай абл. На іх тэр. ўстаноўлены асобы рэжым аховы і выкарыстання: забаронены меліярац. работы, змяненне рэчышчаў, парушэнні берагоў і поймы, знішчэнне берагаахоўнай воднай і балотнай расліннасці, скідванне сцёкавых вод, здабыча карысных выкапняў і інш. мерапрыемствы, якія выклікаюць засмечванне, забруджванне, вычарпанне вадаёмаў ці змяненне хім. саставу вод.

П.І.Лабанок.

т. 5, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)